Парэшткі былі перапахаваныя як ахвяры «генацыду беларускага народу», паведаміла дзяржаўнае агенцтва «Минск-Новости». У публікацыі прыводзяцца словы пракурора Менску Алега Лаўрухіна аб тым, што «не было ніякай інфармацыі пра трагічныя падзеі ў гэтай мясцовасьці». Цырымонія адбылася 17 чэрвеня 2025 году на Чыжоўскіх могілках у Менску.
Выданьне «Зеркало» зьвяртае ўвагу, што жылы комплекс «Утульны» ўзводзяць паблізу месца дачы кіраўніка НКУС БССР Лаўрэнція Цанавы.
Улетку 2024 году пры будаўніцтве жылога комплексу «Ўтульны» паблізу вуліцы Парніковай будаўнікі выявілі касьцяныя чалавечыя парэшткі, пра што, паводле «Зеркала», паведамленьняў у прэсе знойдзена не было. Пракуратура даручыла правесьці палявыя пошукавыя працы ў рамках крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народу ў пэрыяд Вялікай Айчыннай вайны і пасьляваенны пэрыяд.
Гэтым з 15 ліпеня па 29 лістапада 2024-га займаўся спэцыяльны пошукавы батальён Міністэрства абароны. Знайшлі парэшткі 75 мужчын і жанчын ва ўзросьце ад 18 гадоў і старэйшых, а таксама гільзы і асабістыя рэчы забітых.
«Мы схіляемся да таго, што гэтыя людзі — зь ліку цывільнага насельніцтва, бо знойдзеныя гільзы ад стралковай зброі, якая была ў той час на ўзбраеньні гітлераўскай арміі, а на чарапах меліся ўваходныя і выходныя адтуліны ад агнястрэльных кулявых раненьняў. Былі старанна вывучаныя архіўныя дакумэнты, але ні ў водным зь іх не знайшлося згадкі аб месцах пахаваньня паблізу цяперашняй вул. Парніковай. У паказаньнях больш за 19,7 тысячы сьведкаў, апытаных за чатыры гады ў рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народу, таксама не было ніякай інфармацыі аб трагічных падзеях у гэтай мясцовасьці», — расказаў на цырымоніі пракурор Менску Алег Лаўрухін.
У гэтай сувязі «Зеркало» нагадвае, што ў названым раёне знаходзілася пабудаваная ў 1930-я гады дача Лаўрэнція Цанавы, які ўзначальваў НКУС і органы дзяржаўнай бясьпекі БССР у 1938–1941 і 1943–1951 гадах. Там у 1948 годзе былі раздушаныя грузавіком знакаміты габрэйскі актор і рэжысэр Саламон Міхоэлс і тэатральны крытык Уладзімір Голубаў.
Таксама, паводле «Зеркала», пра расстрэлы на тым месцы і пахаваньні маладых жанчын расказвалі мясцовыя жыхары. Пра магілы ахвяраў рэпрэсіяў (замаскаваныя пад жывёльны могільнік непадалёк ад чыгункі маскоўскага кірунку) у Сьляпянскім лесе расказвалі калябаранты, якія супрацоўнічалі зь нямецкімі акупацыйнымі ўладамі, — Уладзімер Гуцька ды Іосіф Лешчанка. Першы казаў, што бачыў магілы ў 1932 годзе, другі апісваў убачаны расстрэл:
«Успомнілася, як мы — Сяргей Астрэйка, Гінтаўт, Русаковіч — бадзяліся ўначы па лесе каля саўгасу „Сьляпянка“... і падгледзелі расстрэл. Як падаў на калені няшчасны чалавек і ўздымаў у неба рукі, як пасьля стрэлу кульнуўся ў яму...»
Уладальнік дачы Цанава ўжо пасьля сьмерці Сталіна, 4 красавіка 1953 году, быў арыштаваны за арганізацыю забойства Міхоэлса. Памёр у Бутырскай турме 12 кастрычніка 1955 году.
Пасьля гэтае лецішча стала ведамасным дзіцячым садком МУС, будынак у такой функцыі праіснаваў да 1990-х гадоў, згарэў у 2005-м, а ў 2011 годзе зьнесены.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бальшавіцкі тэрор у школьных падручніках гісторыі Беларусі зноў стаў «белай плямай»