Беларусам, якія захочуць атрымаць украінскі пашпарт, трэба будзе дэкляраваць адмову ад грамадзянства Беларусі

Пасяджэньне Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Архіўнае фота

Грамадзян Беларусі, якія захочуць атрымаць грамадзянства Ўкраіны, будзе правяраць СБУ.

«Некаторыя народныя дэпутаты былі супраць ухваленьня закону аб падвойным грамадзянстве, бо мяркуюць, што колішнія грамадзяне Расеі і Беларусі, якія маюць грамадзянства іншай краіны, напрыклад эўрапейскай, будуць спрабаваць атрымаць украінскі пашпарт. Аднак наша Служба бясьпекі сумленна працуе», — сказаў народны дэпутат Украіны, намесьнік старшыні камітэту Вярхоўнай Рады ў пытаньнях правоў чалавека Руслан Гарбенка ў інтэрвію агенцтву «Укрінформ».

Паводле яго, інфармацыя пра такіх асобаў будзе пільна вывучацца і правярацца.

«Калі асоба ня будзе мець нічога супольнага з краінай-агрэсаркай, а будзе жыць на тэрыторыі Ўкраіны неабходны час, здасьць іспыт з украінскай мовы, гісторыі Ўкраіны, веданьня Канстытуцыі, будзе мець праўкраінскую пазыцыю, тады зможа атрымаць грамадзянства», — удакладніў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці ёсьць негалоснае распараджэньне не даваць замежнікам украінскае грамадзянства? Меркаваньні беларусаў Украіны

Дэпутат дадаў, што мэханізм атрыманьня грамадзянства закон рэглямэнтуе асобна для грамадзян Беларусі і Расеі, якія трапілі пад палітычныя рэпрэсіі, а таксама якія ваююць у Іншаземным легіёне.

«Такія асобы ня могуць афіцыйна адмовіцца ад грамадзянства Расеі і Беларусі, бо ня могуць вярнуцца ў свае краіны, аформіць неабходныя дакумэнты для спыненьня грамадзянства. Таму мы надаем такім асобам права дэклярацыйнай адмовы. Згодна з законам, дэклярацыя адмовы ад замежнага грамадзянства — гэта дакумэнт, які пацьвярджае адмову іншаземца ад грамадзянства іншай краіны і прызнаньне сябе толькі грамадзянінам Украіны. У такім выпадку асоба павінна падаць афіцыйны зварот у нашы органы ўлады», — дадаў Руслан Гарбенка.

18 чэрвеня Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла зьмены ў Закон аб грамадзянстве, які дазваляе некаторым катэгорыям украінцаў і іншаземцам захаваць грамадзянства іншай краіны, не адмаўляючыся ад грамадзянства Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне дазволілі мець падвойнае грамадзянства. Што ад закону можна чакаць беларусам