Беларусь і Ўзбэкістан будуць ствараць супольныя сьледча-апэратыўныя групы. Што вядома

Сьледчы камітэт Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

У Сьледчым камітэце Беларусі паведамілі, што супольныя з Узбэкістанам сьледча-апэратыўныя групы будуць займацца расьсьледаваньнямі «дзейнасьці транснацыянальных арганізаваных злачынных груповак».

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні Сьледчага камітэту Беларусі, аб гэтым дамовіліся ў Ташкенце на сустрэчы намесьніка старшыні Сьледчага камітэту Беларусі Анатоля Васільева з намесьнікам генэральнага пракурора Ўзбэкістану Сьвятланай Артыкавай.

У камэнтары дзяржаўнаму агенцтву БЕЛТА ў Сьледчым камітэце Беларусі ўдакладнілі, што гэтыя групы будуць праводзіць паралельныя расьсьледаваньні, апэратыўна абменьвацца зьвесткамі аб выкарыстаньні злачынцамі банкаўскіх платных картак і гэтак далей.

«Пачынаючы з 2023 году, назіраецца імклівы рост ліку злачынстваў, зьвязаных з вывадам выкрадзеных у грамадзян Беларусі грашовых сродкаў на рахункі банкаў Узбэкістану: 37 выпадкаў за 2023 год, 142 — у 2024 годзе, і ўжо 8 — за першыя пяць месяцаў 2025 году», — паведамілі ў Сьледчым камітэце.

Апроч таго, сьледчыя Беларусі расьсьледуюць крымінальныя справы супраць удзельнікаў «транснацыянальных арганізаваных злачынных групаў кібэрмахляроў», ад якіх пацярпелі, у тым ліку дзясяткі грамадзян Узбэкістану.

«Гэта абумовіла рэзкі рост даручэньняў аб наданьні праўнай дапамогі, што накіроўваюць беларускія сьледчыя ў кампэтэнтныя органы юстыцыі Ўзбэкістану», — адзначылі ў Сьледчым камітэце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Генпракуратуры Беларусі расказалі, якія эўрапейскія краіны выконваюць запыты аб выдачы беларусаў

Раней у Генэральнай пракуратуры паведамлялі аб спадзе супрацы з так званымі «недружалюбнымі краінамі» у сфэры выкананьня міжнародных даручэньняў.

У Беларусі пералік «недружалюбных краін» зацьвердзілі 6 красавіка 2022 году пасьля таго, як шэраг эўрапейскіх краін увялі санкцыі супраць уладаў Беларусі за падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны. У гэты пералік увайшлі ўсе краіны ЭЗ, а таксама ЗША, Новая Зэляндыя, Альбанія, Ісьляндыя, Паўночная Македонія, Вялікая Брытанія, Чарнагорыя, Швайцарыя.

У сфэры міжнароднай праўнай дапамогі існуюць тэрміны «запыт» або «міжнароднае даручэньне», якія накіроўваюць праваахоўныя органы адной краіны ў праваахоўныя органы іншай краіны, каб атрымаць дапамогу ў крымінальных справах.