У Расеі на 22 гады пазбаўленьня волі асудзілі валянтэрку, якая дапамагала ўкраінцам

Надзін Гэйсьлер (Надзея Расінская). Архіўнае фота

Гэта адзін з найбольш суровых выракаў, вынесеных у Расеі паводле артыкулу аб дзяржаўнай здрадзе. Дзяржаўнае абвінавачаньне патрабавала 27 гадоў пазбаўленьня волі.

Другі Заходні акруговы суд на выязным пасяджэньні ў Белгарадзе асудзіў валянтэрку Надзін Гэйсьлер (Надзею Расінскую) на 22 гады калёніі.

Як паведаміла Расейская служба Радыё Свабода з спасылкай на RusNews, суд прызнаў яе вінаватай у дзяржаўнай здрадзе і спрыяньні тэрарызму. Суд таксама прызначыў ёй штраф у памеры 320 тысяч рублёў (крыху больш за 4 тысячы даляраў у эквіваленце. — РС).

Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне Гэйсьлер заснавала жаночы валянтэрскі рух «Армія прыгажунь», які дапамагаў зьяжджаць з Расеі ўкраінскім уцекачам. У траўні 2023 году яна паведаміла праекту Радыё Свабода «Север.Реалии», што зьехала з Расеі пасьля пагроз і пэрспэктывы арышту. Аднак у лютым 2024 году яе затрымалі пры ўезьдзе ў Белгарад. Яе абвінавацілі ў публічных закліках да дзейнасьці супраць бясьпекі дзяржавы.

Імаверна, нагодай для справы супраць яе стала публікацыя ў Instagram аб зборы гуманітарнай дапамогі для ўкраінскага падразьдзелу «Азоў», які ў Расеі прызналі тэрарыстычнай арганізацыяй. Валянтэрка адмаўляе, што яна публікавала такую абвестку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэктарку пецярбурскай кнігарні аштрафавалі на 20 тысяч рублёў за кнігу беларускага палітвязьня