Абмяркоўваем найважнейшыя падзеі тыдня з дарадцам Агенцтва эўраатлянтычнага супрацоўніцтва Антонам Пянькоўскім, а таксама кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня, прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінэту Паўлам Латушкам. У нашым эфіры таксама інтэрвію зь лідэркай дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятланай Ціханоўскай.
Тут відэа цалкам
Фрагмэнты гутаркі
Павал Латушка: Тэрыторыя Беларусі можа быць выкарыстана для нейкіх таемных перамоваў
— Альбо гэта штосьці вялікае і невядомае, альбо гэта пустое і нязначнае стаіць за візытам Кіта Кэлага, спэцпасланьніка Трампа ў Беларусь. Зразумець мэту гэтага візыту даволі цяжка, бо Лукашэнка не зьяўляецца самастойным гульцом, і калі мы глядзім на назву пасады прадстаўніка Трампа Кіта Кэлага, ён спэцпасланьнік па пытаньнях Расеі і Ўкраіны. Давайце лягічна паспрабуем разабрацца, што можа быць прадметам перамоваў. Перадусім, гэта вучэньні «Захад-2025», якія былі абвешчаны яшчэ на пачатку бягучага года... Зараз Хрэнін, міністар абароны, заявіў аб тым, што яны будуць перанесены ўглыб тэрыторыі Беларусі, каб зьменшыць напружанасьць у сувязі з правядзеньнем гэтых вучэньняў... Пагрозы будуць стварацца, і мінмізаваць гэтыя пагрозы, магчыма, і гэта адна з мэтаў візыта Кіта Кэлага.
Яшчэ адна з тэмаў — гэта агульнае пытаньне ўдзелу Лукашэнкі ў вайне. Ён агрэсар, ён не зьяўляецца пасярэднікам, ён прадставіў тэрыторыю для ўварваньня, для абстрэлаў, займаецца вытворчасьцю зброі, ён дапамагае інфармацыйна, абаходзіць санкцыі. Магчыма мэта — мінімізаваць удзел Лукашэнкі ў вайне. Тэму Кітая не выключаў бы я таксама, бо Лукашэнка дапамагае Кітаю рэалізоўваць кітайскія эканамічныя інтарэсы ў Эўрапейскім зьвязе, як транзытная дзяржава. А мы ведаем, складаныя адносіны ЗША і Кітая...
Тэрыторыя Беларусі, хутчэй за ўсё, можа быць выкарыстана для нейкіх таемных перамоваў. Нельга выключаць, напрыклад, расейска-амерыканскіх перамоваў на тэрыторыі Беларусі. Нельга дапусьціць успрыняцьця Лукашэнкі ў якасьці пасярэдніка ў вайне Расеі супраць Украіны. Будзе падымацца і ўнутры палітычная сытуацыя ў Беларусі.
Антон Пянькоўскі:
— Я дазволю сабе не пагадзіцца з спадаром Латушкам. Перш за ўсё, Аляксандр Лукашэнка яшчэ можа прымаць пэўную там колькасьць рашэньняў на сваёй тэрыторыі. Мы гэта бачылі падчас вызваленьня пры спрыяньні тых жа амэрыканскіх дыпляматаў пэўнай колькасьці палітвязьняў. Эўрапейскае чыновенства, на жаль, гэтага не дабілася. Гэта ўдалося сёлета толькі амэрыканцам. Па-другое, я б усё ж такі глядзеў больш складана і больш геапалітычна на тое, што адбываецца, на зацікаўленасць ураду Злучаных Штатаў, у тым ліку Белага дома, але ж ня толькі, нават Пэнтагона, да таго, што зараз адбываецца ў Беларусі...
Злучаныя Штаты могуць цікавіць ня толькі і ня столькі Ўкраіна. Мы ведаем, наколькі пільна сачыць краіны Балтыі за тым, што адбываецца ў Беларусі, таму што менавіта краіны Балтыі, якія ўваходзяць у склад NATO, вельмі напужаныя зараз праз дадатковую вайсковую актыўнасьць з боку Расеі. Мы ведаем, што менавіта па краінах Балтыі і Польшчы можа быць нанесены наступны крок расейскай агрэсіі...
Што тычыцца магчымых спэкуляцый наконт сустрэч з нейкімі невядомымі альбо афіцыйнымі прадстаўнікамі Расеі на беларускай тэрыторыі, я б тут быў крыху больш скептычны. Перш за ўсё, амэрыканскае чынавенства ўжо лятала ў Маскву, сустракалася з прадстаўнікамі Расеі напрост у Крамлі, навошта тут задзейнічаць яшчэ Лукашэнку? Па-другое двухбаковы трэк паміж Расеяй і Злучанымі Штатамі ідзе зараз у Стамбуле. Навошта пераносіць сустрэчу афіцыйных асобаў са Стамбула ў Менск?
Мы бачым, што за апошнія месяцы дыпляматычная ізаляцыя быццам бы ўжо была прарваная. Мы бачым першага амбасадара ЭЗ, які быў накіраваны за апошнія гады(Славачына). І візыты намесьніка памочніка дзяржсакратара па пытаньнях Эўропы і Эўразіі Крыстафэра Сміта — гэта пэўныя крокі па прарыву дыпляматычнай ізаляцыі рэжыму і спробы размаўляць зь ім і дамагацца нейкіх пазытыўных рашэньняў.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.