Журналіст азэрбайджанскай службы Радыё Свабода Фарыд Мэхралізадэ асуджаны на 9 гадоў зьняволеньня

Фарыд Мэхралізадэ

Вырак вынес Бакінскі суд у цяжкіх злачынствах. Ні Мэхралізадэ, ні іншыя шасьцёра журналістаў, якія апынуліся на лаве падсудных, не прызналі сваёй віны.

У сваім апошнім слове журналіст і эканаміст Фарыд Мэхралізадэ заявіў, што прысуд ня будзе рашэньнем судзьдзяў, а будзе толькі колькасьцю гадоў, патрэбнай тым, хто загадаў пасадзіць журналістаў.

Журналіста Azadliq Radiosu (азэрбайджанскай службы Свабоды) Фарыда Мэхралізадэ затрымалі 30 траўня 2024 году, калі прадстаўнікі спэцслужбаў Азэрбайджану схапілі яго і сказалі «ты зашмат гаворыш». А ўжо 1 чэрвеня таго году суд у Баку зьмясьціў журналіста пад варту за «змову з мэтай кантрабанды замежнай валюты».

Ягоны эпізод аднесьлі да справы, пачатай азэрбайджанскімі ўладамі супраць Abzas Media, хоць само выданьне цалкам адмаўляла датычнасьць Мэхралізадэ да сваёй дзейнасьці, заяўляючы, што Мэхралізадэ выступаў у выданьні выключна як запрошаны экспэрт. Пазьней улады выставілі яму дадатковыя абвінавачаньні, у тым ліку ў незаконным прадпрымальніцтве, ухіленьні ад выплаты падаткаў і падробцы дакумэнтаў.

Журналіст назваў усе артыкулы супраць сябе сфабрыкаванымі і палічыў іх дадатковым доказам палітычнай матываванасьці справы. У сваіх эканамічных публікацыях Мэхралізадэ крытыкаваў залежнасьць Азэрбайджану ад нафты і газу і ставіў пад сумнеў афіцыйную статыстыку беспрацоўя і беднасьці.

«Калі яны захочуць, яны могуць прысудзіць нас да пажыцьцёвага зьняволеньня, альбо нават зьмяніць Крымінальны кодэкс, аднавіць сьмяротнае пакараньне і адправіць нас на сьмерць. Бо ў краінах, дзе не паважаюцца вяршэнства закону і незалежнасьць судовай улады, такія працэсы — гэта ня больш чым фальшывая ўсьмешка аўтарытарных урадаў», — дадаў ён у апошнім слове на судзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Для абвінавачаных у „справе AbzasMedia“ запыталі 11-12 гадоў пазбаўленьня волі. Сярод фігурантаў журналіст Свабоды

Заснавальнік выдання Abzas Media Ўльві Гасанлі і яго галоўная рэдактарка Сэвіндж Абасава (Вагіфкізі) таксама былі асуджаныя 20 чэрвеня на 9 гадоў пазбаўленьня волі.

Журналісты выданьня таксама атрылі вялікія турэмныя прысуды. Махамэд Кекалаў асуджаны на 7,5 гадоў турмы, журналіст Abzas Media Хафіз Бабалі атрымаў 9 гадоў зьняволеньня, а журналісткі Наргіз Абсаламава і Эльнара Гасімава правядуць за кратамі па 8 гадоў.

«Фарыд ужо шмат страціў», — заявіў прэзыдэнт і генэральны дырэктар Радыё Свабода Стыў Капус. «Больш за год ён быў неабгрунтавана ўтрымліваны ў палоне, прапусьціў нараджэньне свайго дзіцяці і цяпер чакае няўлоўнай справядлівасьці. Адмаўляць гэтаму чалавеку ў яго асноўных правах — гэта непатрэбная жорсткасьць. Замест таго, каб працягваць гэтую афэру, самы час узьяднаць Фарыда зь яго сям’ёй».

З моманту прыходу да ўлады пасьля сьмерці свайго папярэдніка і бацькі Гейдара Аліева ў 2003 годзе кіраўнік Азэрбайджану Ільхам Аліеў сутыкнуўся з абвінавачваньнямі ў падаўленьні іншадумства шляхам затрыманьня журналістаў, дзеячаў апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці.

Гэтая тэндэнцыя нядаўна ўзмацнілася: больш за 30 журналістаў і праваабаронцаў былі арыштаваныя па падобных абвінавачваньнях, якія міжнародныя арганізацыі лічаць палітычна матываванымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Азэрбайджане на 18 гадоў асудзілі навукоўца — стрыечнага брата беларускага коміка