Папа Рымскі Леў XIV прыняў даверчыя граматы ад беларускага амбасадара і абмеркаваў зь ім супрацоўніцтва Ватыкана і Беларусі

Юры Амбразевіч. Архіўнае фота.

Амбасадар Беларусі пры Сьвятым Пасадзе Юрый Амбразевіч 21 чэрвеня ўручыў даверчыя граматы папе рымскаму Льву XIV, паведамляе прэс-служба Міністэрства замежных справаў Беларусі.

Паводле інфармацыі зьнешнепалітычнага ведамства, пасьля цырымоніі беларускі дыплямат і пантыфік абмеркавалі «актуальныя тэмы міждзяржаўнага парадку дня, уключаючы сытуацыю ў рэгіёне», а таксама «пытаньні далейшага разьвіцьця двухбаковай супрацы Ватыкана і Беларусі на розных узроўнях, гуманітарныя ініцыятывы, праекты ў сфэры адукацыі і культуры».

У сьнежні 2024 года Савет міністраў пастанавіў адкрыць амбасаду Беларусі пры Сьвятым Пасадзе да 1 верасьня 2025-га.

Амбразевіч — раней намесьнік кіраўніка МЗС — прызначаны амбасадарам пры Сьвятым Пасадзе сёлета 27 сакавіка. 22 траўня ён дадаткова атрымаў паўнамоцтвы амбасадара пры Суверэнным вайсковым ордэне Шпітальераў сьвятога Іаана Іерусалімскага, Радоса і Мальты, пастаяннага прадстаўніка пры Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН ды іншых міжнародных арганізацыях у Рыме, а таксама пастаяннага прадстаўніка пры UNESCO.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля інтранізацыі ў Ватыкане папа Леў XIV афіцыйна стаў пантыфікам. ФОТА

Фактычна пачаў выконваць абавязкі кіраўніка дыпмісіі напрыканцы вясны — 30 траўня дыплямат уручыў копіі даверчых грамат намесьніку Дзяржаўнага сакратара Сьвятога Пасаду па агульных справах Эдгару Пенья Пара.

Дыпляматычныя стасункі паміж беларускай дзяржавай і сувэрэнным каталіцкім суб’ектам усталяваныя 11 лістапада 1992 года. З таго ж года ў Беларусі дзейнічае дыпляматычнае прадстаўніцтва Сьвятога Пасаду — апостальская нунцыятура.

Інтарэсы Менска ў Ватыкане дагэтуль прадстаўлялі па сумяшчальніцтве дыпляматы, акрэдытаваныя ў іншых эўрапейскіх краінах або міждзяржаўных структурах. Доўгі час амбасадарам пры Сьвятым Пасадзе быў Сяргей Алейнік, які сумяшчаў гэтую функцыю ў тым ліку з пазыцыяй намесьніка міністра замежных спраў (захоўваў статус амбасадара як мінімум да прызначэньня кіраўніком МЗС у сьнежні 2022 года; цяпер з’яўляецца членам Савета Рэспублікі).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусі царква больш уцягнутая ў падтрымку рэжыму Лукашэнкі, менш у падтрымку расейскай агрэсіі», — тэалягіня пра візыт патрыярха Кірыла

8 траўня Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Льва XIV з абраньнем папам рымскім і запрасіў яго ў Беларусь.

21 траўня афіцыйнае запрашэньне наведаць беларускую зямлю перадаў пантыфіку старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Амбразевіч разам з старшынёй ніжняй палаты беларускага парлямэнта Ігарам Сергеенкам, які ўзначальваў беларускую дэлегацыю, 26 красавіка браў удзел у цырымоніях пахаваньня ранейшага папы рымскага — Францішка, а 18 траўня — у інтранізацыі Льва XIV.

  • Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года стасункі дзяржавы і касьцёла ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія герархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі ўсьлед за масавымі пратэстамі супраць фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня на карысьць Лукашэнкі.
  • Ад пачатку восені 2020 года да 28 красавіка сакавіка 2025-га, паводле даных ініцыятывы «Хрысьціянская візія», з рэпрэсіямі ў той ці іншай форме сутыкнуліся 34 прадстаўнікі рымска-каталіцкага касьцёла ў Беларусі, пяць — грэка-каталіцкай царквы.
  • Разам з тым, рэжым Лукашэнкі ўсяляк спрабуе прадэманстраваць нармалізацыю стасункаў як з касьцёлам у Беларусі, так і з сусьветным каталіцызмам у цэлым. Беларускія ўлады неаднаразова заяўлялі пра блізкасьць пазыцый Менска і Ватыкана. Шэраг экспэртаў мяркуе, што рэжым выкарыстоўвае кантакты са Сьвятым Пасадам для наладжваньня дыялёгу з Захадам у цэлым.