Сьцісла:
- Пасьля нападу Расеі на Ўкраіну Пецярбурскі міжнародны эканамічны форум ператварыўся больш у прапагандысцкае шоў.
- Пуцін заявіў, што Расея не пагражае NATO. Але перад нападам на Ўкраіну Крэмль таксама абвяргаў свае агрэсіўныя намеры.
- Кіраўніцтва Беларусі моцна хвалююць заходнія санкцыі, яно спадзяецца на падтрымку Расеі.
Раней, да пачатку вайны, Пецярбурскі міжнародны эканамічны форум быў важнай падзеяй міжнароднага жыцьця і зьбіраў прадстаўнікоў эканамічнай эліты з усяго сьвету. Але пасьля нападу Расеі на Ўкраіну большасьць заходніх бізнэсаў сышла з РФ, форум моцна здрабнеў, ператварыўся больш у прапагандысцкае шоу. Сустрэча Пуціна з журналістамі — адзін з галоўных нумароў гэтага шоў.
Прэзыдэнт Расеі паўтарыў свае традыцыйныя наратывы пра міжнародную палітыку Крамля. Былі пытаньні, якія наўпрост ці ўскосна тычыліся Беларусі. Напрыклад, закранулі тэму ваеннай пагрозы ў адносінах Расеі і NATO.
Пуцін заявіў, што NATO не нясе пагрозы Расеі. Гэта трохі дзіўна, бо супярэчыць асноўным прапагандысцкім пастулятам, якія трансьлююцца расейскімі мэдыя. Таксама такая заява не стасуецца зь іншымі цьверджаньнямі афіцыйных асобаў РФ і дзеяньнямі Крамля.
Паводле расейскай афіцыйнай вэрсіі, напад на Украіну быў абумоўлены тым, што NATO выкарыстоўвала «кіеўскі рэжым» дзеля пагроз Расеі. Пуцін шмат разоў казаў, што пашырэньне Паўночнаатлянтычнага альянсу на ўсход пагражае РФ. І сумна вядомы «ультыматум», які Масква высунула Захаду напрыканцы 2021 году, патрабаваў адсунуць межы NATO на ўзровень 1997 году, інакш — вайна. І цяпер адна з умовай заключэньня міру з Украінай, якую вылучыў Крэмль — гэта неўступленьне яе ў альянс.
Дарэчы, Аляксандр Лукашэнка бясконца і красамоўна апавядае, як NATO (асабліва суседнія краіны) пагражаюць Беларусі, бо праводзяць вучэньні, павялічваюць абаронны бюджэт і нават ставяць міны на мяжы.
Зь іншага боку, як запэўніваў Пуцін, і Расея не пагражае NATO: «Што Расея зьбіраецца нападаць на Эўропу, на краіны NATO — гэта тая самая неверагодная хлусьня, у якую спрабуюць прымусіць паверыць насельніцтва заходнеэўрапейскіх краін... Гэта трызьненьне».
Але, па-першае, тое самае казалі ў Крамлі перад нападам на Ўкраіну. Маўляў, чутка пра агрэсіўныя пляны Расеі супраць украінскай дзяржавы — гэта хлусьня, трызьненьне, правакацыя. І хто ж цяпер паверыць у шчырасьць крамлёўскіх?
Па-другое, калі ў Расеі няма плянаў нападаць на краіны NATO, то навошта тады пераабсталёўваць базу пад Асіповічамі дзеля захаваньня там расейскай ядзернай зброі? Навошта плянаваць разьмяшчэньне ў Беларусі ракетнага комплексу «Арэшнік»? Навошта праводзіць тут вучэньні «Захад 2025», якія моцна пужаюць суседзяў?
Сваё пытаньне задала і генэральная дырэктарка БЕЛТА Ірына Акуловіч. Можна было чакаць, што яна спытае нешта банальнае, кшталту таго, якія пэрспэктывы беларуска-расійскай інтэграцыі. Але яна задала пытаньне, якое, як можна меркаваць, цяпер асабліва моцна хвалюе кіраўніцтва Беларусі, атачэньне Лукашэнкі.
Акуловіч спытала ў Пуціна, ці ёсьць у яго плян Б у выпадку ўзмацненьня санкцыйнага ціску з боку Захаду. Прэзыдэнт РФ адказаў фармальна, што маўляў, такой праблемы не існуе, ёсьць плян А, гэта пашырэньне каапэрацыі і інтэграцыі ў рамках саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, гэта працуе, і ня варта тлуміць галаву.
Гэта якраз той выпадак, калі пытаньне важнейшае і цікавейшае за адказ. У пытаньні закладзены тыя асьцярогі, трывогі, і, магчыма, комплексы, якія турбуюць беларускую эліту. Ці гатовая Расея прыйсьці на дапамогу, калі заходні ціск узмацніцца? Магчыма, гэта меў на ўвазе Лукашэнка, калі шмат разоў паўтараў, што нас чакае «няпросты год».
Расейскі прэзыдэнт таксама адзначыў посьпехі эканамічнай інтэграцыі дзьвюх краін у сфэры авіябудаваньня: «Дзесьці, можа быць, невялікія, сьціплыя самалёты Беларусь можа рабіць — адна, сама, пры нашай каапэрацыі. А дзесьці — удзельнічаць у больш глыбокай каапэрацыі па вытворчасьці лятальных апаратаў, фінальная зборка якіх будзе адбывацца ў Расеі».
Вядома, што з будаўніцтвам самалётаў у РФ у выніку заходніх санкцый узьніклі вялікія праблемы. І Беларусь тут мала што дапаможа. Вось нават з вытворчасьцю ровараў дрэнна атрымліваецца (завод «Мотавела» ледзь падае прыкметы жыцьця). І добрую сякеру вырабіць не атрымоўваецца, і Лукашэнку даводзіцца дэманстраваць сваё майстэрства ў сечцы дроў фінскім інструмэнтам, бо на беларускі аналяг, паводле ягоных словаў, «жудасна глядзець». А вы кажаце пра самалёты...
Форум