Вашынгтон прыме рашэньне па ўмяшаньні ў сытуацыю ў Іране цягам бліжэйшых двух тыдняў. Заява прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа была зачытана на брыфінгу для прэсы ў Белым доме. Трансьляцыю вёў канал Fox News.
Паводле Трампа, тэрмін выбраны «зыходзячы з таго, што існуе значная верагоднасьць правядзеньня перамоваў». Прэс-сакратар Белага дому Кэралайн Левіт ня стала адказваць на пытаньне, хто можа быць пасярэднікам у перамовах.
Адказваючы на пытаньне, ці зацікаўлены прэзыдэнт Трамп у зьмене рэжыму ў Іране, Левіт сказала, што Трамп зацікаўлены ў тым, каб у Ірану не зьявілася ядзерная зброя.
На пытаньне, ці пазьбягае Трамп прамога канфлікту з Іранам, Левіт адказала, што прэзыдэнт зацікаўлены ў дыпляматычным вырашэньні, але «не баіцца прымяніць сілу».
Паводле Левіт, у Ірану ёсьць усё неабходнае для стварэньня ядзернай зброі. Цяпер гэта пытаньне палітычнага рашэньня, сказала яна. Калі вярхоўны лідэр Ірана Алі Хамэнэі прыме такое рашэньне, атамная зброя зьявіцца ў Тэгерана цягам «некалькіх тыдняў». Трамп упэўнены, што ў гэтым не зацікаўленыя ўсе іншыя краіны, уключна з Расеяй.
Раней Reuters паведаміў, што спэцыяльны пасланьнік ЗША Стыў Уіткаф і міністар замежных спраў Ірану Абас Аракчы вялі тэлефонныя перамовы пасьля ізраільскіх удараў.
13 чэрвеня Ізраіль пачаў апэрацыю «Народ як леў» супраць ядзернай і абароннай інфраструктуры Ірану. У адказ іранскія вайскоўцы нанесьлі ўдары па ізраільскай тэрыторыі.
Паводле парталу Axios, Трамп «сур’ёзна разглядае» магчымасьць нападу на ядзерныя аб’екты Ірану. Амэрыканскія мэдыя паведамілі, што на нарадзе ў Сытуацыйным пакоі Белага дому прэзыдэнт схіляўся да далучэньня да ізраільскай апэрацыі, але канчаткова Вашынгтон ня вызначыўся.
Форум