Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі адбыўся яшчэ адзін этап вялікага абмену палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай. Беларусаў зноў не было


Вызваленыя з расейскага палону ўкраінскія вайскоўцы. 20 чэрвеня 2025 году
Вызваленыя з расейскага палону ўкраінскія вайскоўцы. 20 чэрвеня 2025 году

Ні Расея, ні Ўкраіна не паведамляюць лік перадазеных адно аднаму палонных. Яго абвесьцяць пасьля завяршэньня вялікага абмену.

У Каардынацыйным штабе Ўкраіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалонымі паведамілі аб чарговым этапе абмену палоннымі з Расеяй.

Згодна зь інфармацыяй украінскага штабу, ва Ўкраіну вярнуліся цяжкахворыя і цяжкапараненыя вайскоўцы, некаторыя зь іх знаходзіліся ў палоне больш за тры гады.

Як паведамілі Свабодзе, сярод перададзеных Расеі палонных беларускіх грамадзян сёньня не было.

Згодна з паведамленьнем Міністэрства абароны Расеі, расейскія вайскоўцы цяпер знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, дзе атрымліваюць неабходную мэдычную дапамогу.

За апошні час Ўкраіна перадала ў межах абменаў з Расеяй, што адбываліся на беларускай тэрыторыі, чатырох беларусаў: Яўгена Камянькова з Бабруйску, які знаходзіўся ва ўкраінскім палоне зь вясны 2024 году, Дзьмітра Ананчыка зь Менску, якога ў сьнежні 2024 году захапілі ў часе баёў у Луганскай вобласьці, Аляксея Чарнышова і Сяргея Мірончыка, які трапіў ва ўкраінскі палон у лютым 2025 году.

Колькі беларусаў ва ўкраінскім палоне

Ва ўкраінскім палоне знаходзяцца 8 грамадзян Беларусі:

  • Артур Аракелян, нарадзіўся 13 сьнежня 2004 году, паходзіць з Гомельскай вобласьці, Сьветлагорскага раёну, з аграгарадка Печышчы.
  • Іван Шабунька, нарадзіўся 17 траўня 1977 году, паходзіць з Мастоў Горадзенскай вобласьці. Падпісаў кантракт з расейскай арміяй 10 чэрвеня 2024 году.
  • Сяргей Шустаў , нарадзіўся 12 студзеня 1981 году. Як вынікала зь ягонага аповеду, яго сем разоў судзілі за крадзяжы, апошні раз ён, імаверна, сядзеў у Расеі, і яго забралі ў расейскае войска з калёніі. У палон беларус трапіў пад Тарэцкам у Данецкай вобласьці празь сем дзён пасьля таго, як пачаў ваяваць.
  • Андрэй Лапатнёў зь Віцебску меў праблемы з законам праз наркотыкі, і, каб унікнуць перасьледу, вырашыў зьехаць праз Расею ў Польшчу. У Маскве яго затрымалі і прымусілі падпісаць кантракт зь Міністэрствам абароны Расеі. 2 красавіка 2024 году ён падпісаў кантракт на службу ў 123-й мотастралковай брыгадзе і падаў заяву на расейскае грамадзянства. У пачатку сакавіка ён трапіў ва ўкраінскі палон таксама ў Данецкай вобласьці.
  • Артур Яфрэмаў паходзіць з Касьцюковічаў Магілёўскай вобласьці, чатыры разы суджаны за крадзяжы. Апошні раз быў затрыманы ў Расеі. Трапіў ва ўкраінскі палон у сьнежні 2024 году, імаверна, пад Купянскам Харкаўскай вобласьці.
  • Міхаіл Шалгун родам з Ушацкага раёну Віцебскай вобласьці, ён нарадзіўся 10 сакавіка 1974 году, ваяваў у штурмавым палку, служыў кантрактнікам у палявой частцы, прыпісанай да Каменкі Ленінградзкай вобласьці. Чатыры разы асуджаны за хуліганства, разбойны напад і крадзяжы. Да адпраўкі ва Ўкраіну праходзіў рыхтаваньне ў Белгарадзкай вобласьці. Абвестку аб яго пошуках апублікавалі сёлета ў лютым у расейскай сацыяльнай сетцы «ВКонтакте»..
  • Мікалай Жураўлёў нарадзіўся 27 траўня 1982 году. Ягонага імя бракуе ў раней апублікаваных сьпісах беларусаў, якія ваююць на баку Расеі супраць Украіны.Згодна з інфармацыяй беларускай ініцыятывы «Кібэрпартызаны», Мікалай нарадзіўся пад Віцебскам. Пасьведчаньне аб нараджэньні яму выдалі ў Бабініцкім сельскім савеце, а пашпарт — у 1999 годзе ў Віцебскім РАУС. Хутчэй за ўсё нежанаты, бо зьвестак пра шлюб на 2021 год у дакумэнтах няма. Мае сярэднюю спэцыяльную адукацыю — у 2005 годзе скончыў ПТВ-57. Працаваў на розных будаўнічых і сельскагаспадарчых прадпрыемствах, на Смаленскім рынку ў Віцебску. З 2011 па 2013 год быў беспрацоўным. У 2013 годзе працаваў у віцебскіх папраўчай калёніі № 3 і ў лячэбна-працоўным прафілякторыі № 4. Ад 2014 году значыцца зноў беспрацоўным. Ніякіх зьвестак пра ягоную актыўнасьць у Беларусі, пачынаючы з 2014 году, няма.
  • Сяргей Кузьменка нарадзіўся 22 ліпеня 1971 году. Да кантракту з расейскай арміяй ён жыў у расейскім горадзе Яраслаўлі. Ваяваў стралком у другім батальёне 102 мотастралковага полку 150-й дывізіі. Хоць ён жыў у Расеі, меў беларускі пашпарт. У Беларусі жыве ягоная 81-гадовая маці Лідзія Кузьменка. Дэталі падпісаньня ягонага кантракту з расейскай арміяй невядомыя.

Колькі беларусаў у расейскім палоне

У расейскім палоне, імаверна, знаходзяцца два грамадзяніна Беларусі:

  • Ян Дзюрбейка.
    Сяргей Дзёгцеў.

Яны ваявалі ў складзе палка Кастуся Каліноўскага і трапілі ў палон пасьля бою пад Лісічанскам 26 чэрвеня 2022 году. Але з таго моманту так і не ўдалося знайсьці інфармацыю аб дакладным месцы знаходжаньня

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG