Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выніку сустрэчы пасланьніка Трампа Келага з Лукашэнкам вызвалілі 14 палітвязьняў. Сярод іх — Сяргей Ціханоўскі

абноўлена

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі са спэцыяльным пасланьнікам прэзыдэнта ЗША Кітам Келагам у Менску. 21 чэрвеня 2025. Фота БЕЛТА
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі са спэцыяльным пасланьнікам прэзыдэнта ЗША Кітам Келагам у Менску. 21 чэрвеня 2025. Фота БЕЛТА

Спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях Украіны Кіт Келаг 21 чэрвеня сустрэўся ў Менску з Аляксандрам Лукашэнкам.

Пра гэта паведаміла БЕЛТА. Паводле дзяржаўнага інфармацыйнага агенства «у парадку дня перамоваў Лукашэнкі і Келага былі міжнародная праблематыка і ў цэлым сытуацыя ў сьвеце, рэгіянальная тэматыка і беларуска-амэрыканскія адносіны».

Размова прайшла ў Палацы незалежнасьці з удзелам членаў амэрыканскай і беларускай дэлегацый.

На відэа першых хвілінаў сустрэчы, якое распаўсюдзіў «Пул первого» Аляксандар Лукашэнка зьвяртаецца " Якія людзі!" да Джона Коўла, намесьніка спэцпасланьніка Кіта Келага, на што той адказвае яму па-ангельску «My friend, my friend!».

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі са спэцпасланьнікам прэзыдэнта Трампа Кітам Келагам у Менску. На фота таксама памочнік Келага Джон Коўл (справа)
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі са спэцпасланьнікам прэзыдэнта Трампа Кітам Келагам у Менску. На фота таксама памочнік Келага Джон Коўл (справа)

Раней Джон Коўл наведваў Беларусі, вынікам чаго стала вызваленьне амэрыканскага грамадзяніна, палітвязьня Юрася Зяньковіча. Таксама на відэа бачна сярод чальцоў амэрыканскай дэлегацыі намесьніка памочніка дзяржсакратара па пытаньнях Эўропы і Эўразіі Крыстафэра Сміта. Пасьля яго візыту быў вызвалены журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык і яшчэ некалькі палітвязьняў, у тым ліку амэрыканскі грамадзянін.

За сталом перамоваў зь беларускага боку старшыня КДБ Іван Тэртэль. На сустрэчы перакладае спэцпрадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў.

Напачатку размовы спэцпасланьнік прэзыдэнта ЗША Кіт Келаг параўнаў рэзыдэнцыю Лукашэнкі з Мар-а-Лага, прыватнай рэзыдэнцыяй Дональда Трампа ў Флорыдзе. Келаг сказаў, што гэта выглядае лепей чым гольф-клюб у Мар-а-Лага.

«Шуму вы нарабілі ў сьвеце вельмі многа сваім прыездам. Але я зьдзіўляюся, чаму. Хіба мы ня можам весьці нармальны дыялёг і размаўляць аб нашых справах — аб адносінах паміж Беларусьсю і Злучанымі Штатамі Амэрыкі», — цытуе дзяржаўнае агенцтва Лукашэнку.

Паводле БЕЛТА, Келаг сказаў наступнае: «Мы жывем у вельмі небясьпечны час, калі тыя крызісы, зь якімі мы сутыкаемся, могуць рэзка эскаляваць, разрастацца, калі мы ня будзем мудрымі і справядлівымі», — сказаў ён.

У адказ на гэта Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што генэрал будзе «у поўнай бясьпецы на тэрыторыі Беларусі, і за гэты час не адбудзецца ніякай эскаляцыі ня толькі ў Беларусі, але і вакол нас».

Напярэдадні камэнтуючы Свабодзе візыт Келага, кіраўнік НАУ Павал Латушка адзначыў, што прадметам перамоваў могуць быць вучэньні «Захад-2025», агульнае пытаньне ўдзелу Лукашэнкі ў вайне, тэма Кітая, а таксама тэрыторыя Беларусі можа быць выкарыстана для нейкіх таемных перамоваў.

Дарадца Агенцтва эўраатлянтычнага супрацоўніцтва Антон Пянькоўскі, лічыць Злучаныя Штаты могуць цікавіць ня толькі і ня столькі Ўкраіна.

«Мы бачым, што за апошнія месяцы дыпляматычная ізаляцыя быццам бы ўжо была прарваная. Мы бачым першага амбасадара ЭЗ, які быў накіраваны за апошнія гады (Славачына). І візыты намесьніка памочніка дзяржсакратара па пытаньнях Эўропы і Эўразіі Крыстафэра Сміта — гэта пэўныя крокі па прарыву дыпляматычнай ізаляцыі рэжыму і спробы размаўляць зь ім і дамагацца нейкіх пазытыўных рашэньняў", казаў Пянькоўскі.

Пасьля візыту адбылося вызваленьне 14 палітвязьняў, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага і былога журналіста Свабоды Ігара Карнея.

  • Раней пра плянаваны візыт паведамляла агенцтва Reuters з спасылкай на чатыры інфармаваныя крыніцы. Паводле іх, візыт выкліканы тым, што перамовы аб спыненьні агню паміж Украінай і Расеяй застаюцца безвыніковымі.
  • Кіт Келаг стаў найвышэйшым службоўцам ЗША, які наведае Беларусь за апошнія гады. Келаг у прыватных размовах назваў гэтую паездку крокам, які можа дапамагчы распачаць мірныя перамовы, накіраваныя на спыненьне вайны Расеі супраць Украіны, паведамілі дзьве ананімныя крыніцы.
  • Дзяржаўны дэпартамэнт і амбасада Беларусі ў Вашынгтоне адмовіліся ад камэнтароў. Белы дом не адказаў на запыты аб камэнтарах.
  • У 2020 годзе, падчас першага тэрміну Дональда Трампа, дзяржаўны сакратар Майк Пампэо наведаў Беларусь, і гэта быў найвышэйшы за апошнія 20 гадоў узровень візыту прадстаўніка ЗША ў краіну Ўсходняй Эўропы. Паездка была часткай кампаніі першай адміністрацыі Трампа, накіраванай на паляпшэньне дачыненьняў зь Беларусьсю ў той час, калі дачыненьні паміж Менскам і Масквой знаходзіліся ў найніжэйшым пункце.
  • Наступнік Трампа, прэзыдэнт-дэмакрат Джо Байдэн, зьмяніў курс пасьля беларускіх выбараў 2020 году, якія міжнародныя назіральнікі асудзілі як несвабодныя і несправядлівыя. Пасьля выбараў адбыліся масавыя вулічныя пратэсты, якія былі жорстка задушаныя.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG