Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шмат залежыць ад таго, ці будуць здольныя эўрапейцы перагледзець сваю палітыку, — Кавалеўскі пра вызваленьне палітвязьняў


Сяргей Ціханоўскі пасьля вызваленьня абдымае жонку Сьвятлану. Вільня, 21 чэрвеня 2025
Сяргей Ціханоўскі пасьля вызваленьня абдымае жонку Сьвятлану. Вільня, 21 чэрвеня 2025

Кіраўнік Агенцтва Эўраатлянтычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі разважае, чаму стала магчымым вызваленьне 14 палітвязьняў, выказвае меркаваньне, на якія саступкі Менску мог пайсьці Вашынгтон, і тлумачыць, чаму Лукашэнку найбольш турбуюць пытаньні бясьпекі.

Сьцісла:

  • Вызваленьне палітвязьняў — гэта вынік тых намаганьняў і пасьлядоўных дзеяньняў, які прыкладаюць ЗША ў гэтым кірунку вось ужо не працягу некалькіх месяцаў
  • Лукашэнку турбуе, што будзе пасьля расейска-ўкраінскай вайны, ці будуць улічаныя інтарэсы Беларусі ў мірным працэсе і ўвогуле пасьляваенным сьвеце.
  • Любое ўзаемадзеяньне Лукашэнкі зь міжнароднымі структурамі, з нацыянальнымі ўрадамі ў пэўным сэнсе спрыяе разбурэньню таго стэрэатыпу, што Беларусь ужо цалкам страціла сваю незалежнасьць.
  • Калі Лукашэнка кажа пра пагрозы сувэрэнітэту і незалежнасьці для нашай краіны — ён не ўдакладняе, з якога боку. Але лёгка можна зразумець гэта, як пагрозы з боку Расеі.

— Чаму стаў магчымым візыт амэрыканскага спэцпасланьніка Кіта Келага ў Менск і вызваленьне 14-ці палітвязьняў, у тым ліку вядомых і знакавых фігураў? Якія абставіны і тэндэнцыі зьліліся, каб стаў магчымым такі сэнсацыйны вынік?

Валер Кавалеўскі
Валер Кавалеўскі

— Вызваленьне палітвязьняў — гэта вынік тых намаганьняў і пасьлядоўных дзеяньняў, які прыкладаюць ЗША ў гэтым накірунку вось ужо на працягу некалькіх месяцаў. Перамовы, як вядома, вядуцца ўжо ад жніўня мінулага году.

Мы бачым, як у выніку папярэдніх візытаў амэрыканскіх прадстаўнікоў у Менск ужо вызваляліся людзі, грамадзяне ЗША і Беларусі. Цяперашні візыт Келага стаў працягам ранейшых сустрэчаў. Так што сёньняшняя падзея — гэта адназначны вынік такой актыўнай дыпляматыі Вашынгтону на беларускім кірунку. Яны ідуць на перамовы, шукаюць нестандартныя варыянты — і мы бачым, што толькі такія практычныя крокі могуць прывесьці да вырашэньня праблемы з палітзьняволенымі.

— Аднак відавочна, што Менскі рэжым хоча нешта атрымаць узамен на вызваленьне палітвязьняў? Што гэта можа быць?

— Беларускі крызіс мае два асноўныя кампанэнты — гуманітарны крызіс і крызіс бясьпекі ў рэгіёне. У гэтым сэнсе Лукашэнка будзе імкнуцца да атрыманьня нейкіх выгодаў, зьвязаных менавіта з гэтымі тэмамі. То бок гэта зьняцьці ці паслабленьне санкцыяў і пытаньні бясьпекі.

Лукашэнку турбуе, што будзе пасьля расейска-украінскай вайны, ці будуць улічаныя інтарэсы Беларусі ў мірным працэсе і ўвогуле ў пасьляваенным сьвеце.

Я мяркую, гэта галоўныя рэчы, якія былі на парадку дня перамоваў сёньня. І яшчэ дадам, што гэта пытаньне працы амбасады ЗША ў Беларусі, якая знаходзіцца ў зачыненым стане ад лютага 2022 году, калі амэрыканскія дыпляматы былі эвакуаваныя ў Вільню. Для таго, каб падтрымліваць сталую сувязь паміж Вашынгтонам і Менскам — працы амбасады вельмі не хапае.

— Калі ў лютым 2020-га году тагачасны Дзяржсакратар Майкл Пампэа прыяжджаў у Менск, то гэта безумоўна ўспрымалася як спроба ЗША нейкім чынам адцягнуць Беларусь ад Расеі. Ці можа і зараз прысутнічаць такі аспэкт ці на сёньня гэта малаімаверна?

— Я думаю, гэты аспэкт не зьяўляецца цэнтральным на сёньня. Усё ж Келаг прадстаўнік па Украіне, і гэта для яго цэнтральнае пытаньне. Аднак ва ўмовах, калі беларускі сувэрэнітэт вельмі моцна падарваны, асабліва пасьля 2020-га і 2022 году, — то можна сказаць, што любое ўзаемадзеяньне Лукашэнкі з міжнароднымі структурамі, з нацыянальнымі ўрадамі ў пэўным сэнсе спрыяе разбурэньню таго стэрэатыпу, што Беларусь ужо цалкам страціла сваю незалежнасьць.

— Афіцыйны Менск падкрэсьліў, што галоўная тэма візыту — гэта пытаньне бясьпекі. Што канкрэтна гэта азначае?

— Лукашэнка вельмі занепакоены тым, як скончыцца вайна і ці будуць далей улічвацца інтарэсы Беларусі, як будзе выглядаць архітэктура бясьпекі ў рэгіёне. Бо тое, што Беларусі страціла шмат сувэрэнітэту за гэты час — гэта відавочна.

Калі Лукашэнка кажа пра пагрозы сувэрэнітэту і незалежнасьці для нашай краіны — ён не ўдакладняе, з якога боку. Але лёгка можна зразумець гэта, як пагрозы з боку Расеі.

Таму для Менску такія сустрэчы — важны канал для абмеркаваньня такіх пагрозаў. Зразумела, публічна гэта ня будзе агучвацца.

— Ці можна меркаваць, што днямі будуць абвешчаны нейкія канкрэтныя крокі. На якія пойдуць ЗША ў адказ на жэст Менску?

— Калі ўзгадаць прапанову ЗША Менску ў лютым гэтага году, то размова вялася пра аслабленьня ці зьняцьце санкцыяў на калій і банкаўскіх санкцыяў у адказ на вызваленьне значнай колькасьці палітзьняволеных Беларусі. На сёньня гэта толькі 14 чалавек — добры крок у слушным накірунку — але недастаткова для таго, каб зьняць і паслабіць санкцыі ўжо зараз.

У гэтым сэнсе важная пазыцыя эўрапейскіх партнэраў, якія дагэтуль займаюць жорсткую пазыцыю, што санкцыі можна здымаць толькі пасьля заканчэньня вайны. Бо яны даюць магчымасьць рэжыму зарабляць, і такім чынам падтрымліваць вайну супраць Украіны. Так што тут шмат будзе залежыць ад таго, ці будуць здольныя эўрапейцы перагледзець сваю палітыку і падтрымаць амэрыканскі падыход.

Магу таксама выказаць здагадку. Нядаўна амэрыканцы абвесьцілі пра ўвядзеньне візавых абмежаваньняў для грамадзянаў розных краінаў. І вядома, што ў першапачатковым праекце фігуравала і Беларусь. Але ў канчатковым афіцыйным дакумэнце Беларусі няма. І гэта можа разглядаць як пэўную саступку Вашынгтону, каб для беларускіх грамадзянаў не прымяняліся новыя візавыя абмежаваньні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG