Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўступілі ў ірана-ізраільскі канфлікт. Трамп заявіў аб «вельмі пасьпяховых» ударах па іранскіх ядзерных аб’ектах


Дональд Трамп зьвяртаецца да нацыі зь Белага дому пасьля удараў ЗША па ядзерных аб'ектах Ірану 21 чэрвеня 2025 году
Дональд Трамп зьвяртаецца да нацыі зь Белага дому пасьля удараў ЗША па ядзерных аб'ектах Ірану 21 чэрвеня 2025 году

У суботу ўвечары прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп зь Белага дому выступіў са зваротам да краіны, паведаміўшы аб амэрыканскіх бомбавых ударах па ядзерных абʼектах Ірану ў Фардо, Натанзе і Ісфагане.

«Наша мэта палягала ў зьнішчэньні іранскага патэнцыялу ўзбагачэньня ўрану і ў нэўтралізацыі ядзернай пагрозы, якую становіць сабой дзяржава — галоўны спонсар тэрарызму ў сьвеце. Сёньня я магу даць справаздачу перад сьветам аб тым, што ўдары былі абсалютна пасьпяховымі. Іранскія ключавыя абʼекты ўзбагачэньня ўрану цалкам зьнішчаныя».

Трамп заклікаў іранскія ўлады да мірных перамоваў, папярэдзіўшы, што ў адваротным выпадку наступныя ўдары могуць быць больш маштабнымі.

Паводле Reuters, удары нанесьлі амэрыканскія стратэгічныя бамбавікі B-2, якія вылецелі з Злучаных Штатаў і праляцелі над Ціхім акіянам. Іранскія афіцыйныя асобы пацьвердзілі факт удараў па трох ядзерных абʼектах. Незалежнага пацьверджаньня маштабаў разбурэньняў, прычыненых ударамі, раніцай у нядзелю не было.

B-2 могуць несьці адмысловыя супрацьбункерныя бомбы, здольныя ўразіць умацаваныя падземныя абʼекты, у тым ліку іранскі ядзерны комплекс у Фардо — цэль, недаступную для ўдараў авіяцыі Ізраілю. Іранскія СМІ пішуць, што комплекс Фардо знаходзіцца на глыбіні 90 мэтраў пад зямлёй і ўстойлівы да нападаў амэрыканскай авіяцыі.

Прэмʼер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу вітаў рашэньне прэзыдэнта Трампа, які, паводле Нэтаньягу, «зрабіў дзеяньні, каб пазбавіць самы небясьпечны рэжым у сьвеце самай небясьпечнай зброі».

Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш заявіў, што ён «сурʼёзна ўстрывожаны» эскаляцыяй канфлікту:

«Расьце рызыка таго, што гэты канфлікт можа хутка выйсьці з-пад кантролю, што будзе мець катастрафічныя наступствы для мірнага насельніцтва, рэгіёну і сьвету».

  • Два дні таму Дональд Трамп паведаміў, што ён прыме цягам двух тыдняў рашэньне аб магчымым бамбаваньні іранскіх ядзерных абʼектаў. Ізраіль заклікаў Злучаныя Штаты да такога кроку, бо ня мае ў арсэнале магутных бомбаў, здольных зьнішчаць ядзерную вытворчасьць глыбока пад зямлёй, як, напрыклад, устаноўкі для ўзбагачэньня ўрану ў Фардо. Вядома, што частка дарадцаў прэзыдэнта ЗША была супраць гэтага кроку, асьцерагаючыся, што Іран можа адказаць ударамі па амэрыканскіх вайсковых базах у рэгіёне, і ЗША могуць быць уцягнутыя ў рэгіянальную вайну; частка дарадцаў і ўплывовых заканадаўцаў была за гэта, лічачы, што такім шляхам можна нэўтралізаваць іранскую ядзерную праграму.
  • Кіраўнікі рэспубліканцаў у Кангрэсе падтрымалі рашэньне прэзыдэнта Трампа. Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Майк Джонсан і кіраўнік рэспубліканцаў у Сэнаце Джон Тун назвалі яго «неабходным крокам». Кіраўнік дэмакратычнай меншасьці ў Палаце прадстаўнікоў Хакім Джэфрыс абвінаваціў прэзыдэнта ў тым, што ён увёў краіну ў зман што да сваіх намераў і рызыкуе ўцягнуць ЗША ў патэнцыйна «катастрафічную вайну» на Блізкім Усходзе.
  • Іран папярэдзіў Злучаныя Штаты, што амэрыканскаму ўдару па яго тэрыторыі будзе дадзены рашучы адказ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG