Міністар абароны ЗША Піт Гэґсэт заявіў, што ўдар амэрыканскіх вайскоўцаў па Іране ў ноч на 22 чэрвеня ня меў на мэце зьмену рэжыму ў краіне.
Як паведаміў на брыфінгу Піт Гэґсэт, перад ударам у Тэгеран адправілі паведамленьні з заклікам да перамоў.
Паводле яго, ракеты былі нацэленыя не на іранскія ўзброеныя сілы ці цывільнае насельніцтва, а на ядзерныя аб’екты, каб выключыць зьяўленьне ядзернай зброі ў Іране.
Міністар абароны ЗША паведаміў, што апэрацыя пад кодавай назвай «Паўночны молат» была складанай і засакрэчанай. Пра яе ведала абмежаваная колькасьць асобаў.
Як паведаміла Расейская служба Радыё Свабода, для атакі амэрыканскія вайскоўцы выкарысталі 75 высокадакладных кіраваных боепрыпасаў, у тым ліку 14 супрацьбункерных бомбаў GBU-57 – гэта было іх першае выкарыстаньне.
Піт Гэґсэт назваў апэрацыю неймаверным і ашаламляльным посьпехам, і дадаў, што кожны ўдзельнік апэрацыі дзейнічаў бездакорна. Міністар абароны ЗША папярэдзіў, што ў выпадку адказу з боку Ірану будзе больш магутны ўдар, а ЗША гатовыя дзейнічаць хутка і рашуча для абароны сваіх інтарэсаў і партнэраў.
Старшыня Аб’яднага камітэту начальнікаў штабоў ЗША генэрал Дэн Кэйн паведаміў, што разбурэньні на трох атакаваных іранскіх аб’ектах надзвычай сур’ёзныя.
Іранскі Чырвоны паўмесяц паведаміў, што ў выніку ўдараў ніхто не загінуў.
Генэральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі праз амэрыканскі ўдар па Іран склікаў пазачарговую сэсію Рады кіраўнікоў арганізацыі на 23 чэрвеня.
Паводле яго, МАГАТЭ атрымала інфармацыю ад іранскіх рэгулюючых органаў аб тым, што пасьля нядаўніх нападаў на тры іранскія ядзерныя аб'екты, у тым ліку на абʼект па ўзбагачэньні ўрану ў Фардо, не назіралася павышэньня ўзроўню радыяцыі па-за межамі абʼекта.
«На дадзены момант мы не чакаем якіх-небудзь наступстваў для здароўя людзей або навакольнага асяродзьдзя па-за межамі мэтавых абʼектаў. Мы будзем працягваць сачыць і ацэньваць сытуацыю ў Іране і прадстаўляць дадатковыя абнаўленьні па зьяўленьні дадатковай інфармацыі», – сказаў Рафаэль Гросі.
Генэральны дырэктар МАГАТЭ заклікаў спыніць удары, каб экспэрты арганізацыі маглі праінспэктаваць іранскія аб’екты, у тым ліку і запасы высокаўзбагачанага ўрану.
Форум